ХО́ЙНІЦКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала з ліст. 1941 да ліст. 1943 (арганізатар і кіраўнік Я.І.Казачук) у г. Хойнікі і раёне Гомельскай вобл. Аб’ядноўвала каля 10 груп (больш за 60 чал.): у Хойніках (кіраўнік М.М.Даўгаполаў), на чыг. ст. Хойнікі (Г.І.Лаўрусенка) і Аўрамаўская (П.В.Бот), у вёсках Карчовае (М.А.Колас). Паташня (Ю.М.Цішкевіч), Стралічава (У.А.Табачны) і інш. Падпольшчыкі вялі паліт. агітацыю сярод насельніцтва, выпускалі і распаўсюджвалі лістоўкі, праводзілі дыверсіі на электрастанцыі, тэлеф. лініі, лесаскладзе, падтрымлівалі сувязь з партызанамі, здабывалі для іх зброю, боепрыпасы, медыкаменты. У студз. 1942 у клубе г. Хойнікі яны наладзілі паказ даваенных кінафільмаў «Партбілет» і «За Савецкую Радзіму», вясной арганізавалі ўцёкі сав. ваеннапалонных з хойніцкай турмы; вывелі да партызан 57 ваенных са славацкага гарнізона. У барацьбе з фаш. захопнікамі загінула 60 падпольшчыкаў. У Хойніках на брацкіх могілках сав. воінаў, партызан і падпольшчыкаў пастаўлены помнік.
т. 17, с. 42
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)